У Вас есть вопросы? Отправить сообщение

Тел. для справок 8 (0176) 74 63 88

Тэатр развівае асобу

Гутарка з галоўным рэжысёрам Велікалуцкага драматычнага тэатра заслужаным артыстам Расійскай Федэрацыі Паўлам Сяргеевым на сайце mgazeta.by

Нядаўна наш горад наведала з гастролямі трупа Велікалуцкага драматычнага тэатра. Артысты прадставілі класічныя творы «Волки и овцы» Астроўскага, «Старшый сын» Вампілава, а таксама дзіцячую казку «Госпожа Метелица».

Культурны абмен распачаўся некалькі гадоў таму. У канцы 2015 года артысты Мінскага абласнога драматычнага тэатра ў Вялікіх Луках прэзентавалі камедыю па Дастаеўскаму «Дядюшкин сон», сучасную гісторыю «Афинские вечера» і дзіцячы мюзікл «Всё будет хороШоу». У пачатку 2016-га маладзечанцы апладзіравалі героям «Тартюфа» і пластычнай пастаноўкі «Лики». Новая тэатральная сустрэча стала яшчэ адной старонкай у гісторыі культурнага супрацоўніцтва, яскрава падкрэсліла вялікую павагу да гісторыі і культуры, нацыянальных здабыткаў нашых краін. Гэту тэму мы закранулі ў размове з галоўным рэжысёрам Велікалуцкага драматычнага тэатра заслужаным артыстам Расійскай Федэрацыі Паўлам Сяргеевым (на здымку).

— Сімвалічна, што творчая сустрэча адбылася напярэдадні Міжнароднага дня тэатра і Дня яднання народаў Беларусі і Расіі.
— Рады, што атрымалася менавіта так. Мы наогул вельмі любім бываць у Беларусі, нас многае звязвае. Выступалі ў Магілёве, Віцебску, Полацку, Наваполацку… З асаблівым пачуццём прыязджаем у Мала-
дзечна — горад са сваім тварам, стылем, гісторыяй. Наяўнасць тэатра, які садзейнічае захаванню духоўна-маральных каштоўнасцей, надае раённаму цэнтру высокі статус культурнага горада.

— Вы актыўна ўдзельнічаеце ў расійскім праекце «Вя-лікія гастролі», выступаеце на тэатральных пляцоўках розных краін. Што даюць такія блізкія і далёкія вандроўкі?
— Гастрольныя выступленні лічу неад’емнай часткай жыцця творчага калектыву. Адчуваеш іншае ўспрыняцце матэрыялу, уважліва сочыш за рэакцыяй гледачоў. Іншым разам адбываюцца метамарфозы: калі ў нас гледачы смяяліся, тут сядзяць ціха, а тое, што не выклікала бурнай рэакцыі, успрымаецца вельмі эмацыянальна. У артыста з’яўляецца магчымасць паглядзець на сябе з іншага боку. За два дні ў Маладзечне для дарослых мы паказалі два спектаклі па класічных творах, адзін з іх прэм’ерны. А вось «Госпожу Метелицу» сыгралі ў трыццаць трэці раз.

— Як ставіцеся да імправізацыі?
— Станоўча. Я іграю ў монаспектаклі «Макбет», што разлічаны на цесную сувязь з гледачамі, якія пераўтвараюцца ў непасрэдных удзельнікаў. Да кожнага з іх асабіста магу звярнуцца шэкспіраўскім стылем і адчуць рэакцыю. Жывая імправізацыя надае дзейству сваю адметнасць, напружанасць, адчуванне падзей, якія адбываюцца тут і цяпер. Дарэчы, спектакль «Макбет» прадстаўляў Расію ў Пекіне і стаў лаўрэатам I Міжнароднага тэатральнага фестывалю «Монадрама». Інтэрактыў прадугледжаны і ў новай рабоце.

— Рэпертуарная афіша вельмі разнажанравая, але асобнае месца ў ёй займае патрыятычная тэма. У нашых народаў захоўваюцца і апяваюцца патрыятычныя пачуцці…
— Мы жывём у мірны час, але рэха вайны трывожыць сэрцы, генетычная памяць перадаецца з пакалення ў пакаленне. Да 75-годдзя вызвалення горада Вялікія Лукі паставілі дакументальна-драматычны спектакль «Жывыя кветкі». У аснову другой тэатральнай пастаноўкі лягла гісторыя юнака, які хацеў пачуць апошні выстрал вайны. Так і адбылося. Але выстрал быў у яго сэрца… Гэта наш агульны боль. Калі браліся ставіць спектакль «Алёша», былі пэўныя сумненні, настолькі вядомая і моцная кінастужка «Балада аб салдаце». Але мяркуючы па водгуках, усё атрымалася.

— Вы звяртаецеся да экранізаваных раней твораў, у якіх былі занятыя любімыя савецкія артысты тэатра і кіно: Івашоў — «Балада аб салдаце», Лявонаў, Баярскі, Карачанцаў — «Старший сын». Параўнанняў не баіцеся?
— Параўнанне непазбежнае, але апасацца яго не трэба. Галоўнае, каб тое, што ты робіш, запала ў душу, растрывожыла, не пакінула абыякавым. Мы арыентуемся на шырокую аўдыторыю, а моладзь, на жаль, наўрад ці ведае гэтыя фільмы. Спадзяюся, юнакі і дзяўчаты адкрыюць для сябе нешта важнае, пастараюцца стаць больш добрымі, духоўнымі і ўважлівымі адзін да аднаго. Акрамя таго, у спектаклі, які пераносіць нас у савецкія часы, новая падача матэрыялу і сучаснае рэжысёрскае рашэнне.

Маладзечанцы атрымалі запрашэнне і ў маі зноў выйдуць на сцэну Велікалуцкага тэатра. Яны пакажуць спектаклі «Плачу вперед» і «Банкет». У красавіку монаспектакль «Дирижер» рэжысёра Валерыя Анісенкі будзе прадстаўляць нашу краіну на Міжнародным тэатральным фестывалі ў Расіі «Смоленский ковчег». Творчае супрацоўніцтва працягваецца.

Фота: Людміла ЦАР.
mgazeta.by

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Яндекс.Метрика