У Вас есть вопросы? Отправить сообщение

Тел. для справок 8 (0176) 74 63 88

Алег Чэчанеў: «Я аптыміст, ураўнаважаны песімізмам»

Нярэдка даводзілася чуць: «Іду ў тэатр, сёння іграе Чэчанеў!». У некалькіх словах – прызнанне і павага да вядучага майстра сцэны Мінскага абласнога драматычнага тэатра, на рахунку якога больш за сорак роляў. А яшчэ – удалыя рэжысёрскія работы для дарослых і дзяцей. Назвай адной з іх Алег Віктаравіч сцвярджае: «Всё будет хороШОУ!». І няма падстаў яму не верыць.

Алег Чэчанеў: «Я аптыміст, ураўнаважаны песімізмам»«Маладзечанская газета»

 

«Жыву. Радуюся жыццю як магу. Працую», — так коратка і ёмка акрэсліў галоўнае ў жыцці і прафесіі Алег Чэчанеў.

Сярод найбольш вядомых яго роляў Рычард Уілі – спектакль «№13» у пастаноўцы заслужанага артыста Беларусі Віктара Чэпелева; Альберт у «Псіхааналітыку для псіхааналітыка» рэжысёра Венядзікта Расстрыжэнкава; артыст драмтэатра Паліванаў у спектаклі-канцэрце «Бывай, канферансье!» па п’есе Рыгора Горына…

— Даводзілася быць і важным памочнікам прэм’ер-міністра ў строгім англійскім касцюме, і імператарам Напалеонам, і няверным мужам. А колькі разоў усялякімі казачнымі персанажамі! – працягвае Алег Віктаравіч. – Напэўна, перайграў працэнтаў восемдзесят казак з тэатральнага рэпертуару. Стараўся быць шчырым да гледачоў. 

— Многія ведаюць, што час ад часу вы занятыя ў невялікіх ролях у тэлесерыялах. Не парываючы творчых сувязей з МАДТам, працавалі таксама ў сталічным тэатры юнага гледача.
— Гэта так. Цікава было пазнаёміцца з рэжысёрамі, папрацаваць у іншай трупе. Многае атрымалася, былі знакавыя спектаклі, і цяпер ёсць добрыя перспектывы. Аднойчы мой любімы рэжысёр Віталій Баркоўскі заўважыў: іншым разам трэба паспрабаваць зазірнуць за гарызонт…  

— Артысты стараюцца раскрыць характар свайго героя. А чытачам цікава адкрыць Алега Чэчанева ў жыцці. 
— Калі я толькі пачынаў, кіраўнік  жлобінскай тэатральнай студыі  Тамара Кісялёва сказала, што я аптыміст, ураўнаважаны песімізмам. Гэта так. Вучуся бачыць прыгожае ў шэрых штодзённых буднях. Быць розным, але заставацца самім сабой.

— Ці праўда, што вы эксперыментуеце не толькі на сцэне, але і на кухні? На адным з парталаў напярэдадні Дня жанчын у нефармальнай абстаноўцы нават дзяліліся рэцэптамі.
— Да эксперыментаў у сацыяльных сетках стаўлюся з гумарам, як да  маленькіх авантур. Калі мне прапанавалі прыгатаваць страву пад «прыцэлам» фотакамеры, падумаў: чаму б і не? Іншым разам папулярны інтэрнэт-сэрвіс па загружаных фотаздымках вызначаў узрост людзей. Мне дадаў колькі гадоў і выдаў лічбу «пяцьдзясят». Там было папярэджанне, што вынікі сур’ёзна ўспрымаць не трэба – хутчэй гэта такая забава. Так і зрабіў, а неўзабаве і стукнула пяцьдзясят.

— Як звычайна сустракаеце свой дзень нараджэння?
— З песняй Ігара Нікалаева «День рожденья — грустный праздник» (усміхаецца). А калі сур’ёзна — пышных банкетаў не ладзім. Да свята стаўлюся вельмі спакойна, адзначаем чарговую дату ў цесным сямейным коле. Дарэчы, з жонкай Ларысай разам вучыліся ў Мінскім інстытуце культуры. Сын Ілья з залатым медалём закончыў гімназію №6, цяпер ён студэнт гістарычнага факультэта БДУ. Заўсёды стараюся адказаць на віншаванні ў сацыяльных сетках. Удзячны ўсім, хто прымаў удзел і прыйшоў на спектакль-бенефіс «№13».

— Не магу не пацікавіцца пра тое, якім вы бачыце сучасны тэатр?
— Хочацца, каб  ён быў запатрабаваным, патрэбным, збіраў аншлагі. Каб атрымлівалася размова з гледачом і ты мог данесці людзям нешта важнае, адчуць зваротную сувязь. Каб было ўзаемнае прыцягненне. Некалькі гадоў таму горад апынуўся ва ўладзе непагадзі, артысты думалі, што ў тэатр ніхто не прыйдзе. Памыліліся. Нягледзячы на вецер, заносы, сцюжу, зала была поўнай! Ігралі «Камедыю».

… Людзі ідуць у тэатр, дзе смех і слёзы, радасць і перакрыжаванні чалавечых лёсаў, дзе ёсць магчымасць паразважаць. Там сустракаюцца таленты і прыхільнікі. І пакуль не пагасне святло ў зале, гучаць апладысменты і гучнае глядацкае «Брава!».

Віншуем сапраўднага мужчыну

Нядаўна Алег Чэчанеў адсвяткаваў сваё 50-годдзе. Нямала цёплых слоў і пажаданняў выказалі ў яго адрас калегі, акцёры Мінскага абласнога драматычнага тэатра. Былі сярод іх сур’ёзныя і з жартаўлівай іскрынкай. 

Алена РАХМАНГУЛАВА:
— Творчы лёс нас звязвае больш за трыццаць гадоў. Разам вучыліся ў Мінску. Рабілі першыя крокі на сцэне. Адразу адчула, што гэта вельмі таленавіты чалавек. Заўсёды з 
удзячнасцю і хваляваннем выходжу на сцэну разам з ім. Разам сыграна нямала. Самым значным спектаклем назаву «Вечар» Аляксея Дударава. Нам было па трыццаць тры гады, а мы ігралі васьмідзесяцігадовых. Прызнаюся, было складана, але ўсё атрымалася. Потым «Верная жонка», дзе мы сямейная пара, «Шукаю сапраўднага мужчыну»… Ад усяго жаночага акцёрскага складу скажу без перабольшвання: гэта падарунак мець такога партнёра па сцэне. Столькі эмоцый, іскрамётнага гумару! Мы называем яго «наш Жванецкі». І гэта невыпадкова. 

Эмілія ЛАРЫЁНАВА:
— Алег, без перабольшвання, Акцёр з вялікай літары. Ён ва ўсім сапраўдны. Не бывае такога: галоўная роля мая, а за малую брацца не жадаю. Лічыць на сцэне галоўным не сябе, а партнёра, таму лягчэй існаваць у сваім вобразе, за што яму вялікае дзякуй. Заўважала: Алег выйшаў на сцэну і… яго няма. Ёсць герой, якога ён іграе. 
Няхай удача спрыяе яму ва ўсім. Ён яшчэ доўга-доўга будзе 
запатрабаваны як акцёр і рэжысёр.

Аляксандр ПАШКЕВІЧ:
— Алега Чэчанева з радасцю прымаем у клуб «Каму за пяцьдзясят». У нас складваецца добрая кампанія артыстаў. Думаю, што Алегу будзе ўтульна з тымі, хто ўжо адсвяткаваў гэту дату, і з тымі, хто набліжаецца да яе. Ён поўны сіл і імкнення працаваць. Застаецца пажадаць яму натхнення, здароўя і новых творчых магчымасцей на новым рубяжы.

Прызнанне майстэрства

Творчая дзейнасць вядучага майстра сцэны Алега Чэчанева адзначана спецыяльнай прэміяй Мінскага аблвыканкама «Чалавек года Міншчыны-2010», Ганаровымі граматамі Міністэрства культуры, аблвыканкама, Маладзечанскага райвыканкама. Нямала перамог міжнароднага ўзроўню. Монаспектакль «Сіні аўтамабіль», дзе Чэчанеў выступаў як выканаўца і рэжысёр-пастаноўшчык, двойчы адзначаны дыпломам і атрымаў званне лаўрэата на фестывалі монаспектакляў «Я», перамог у фестывалі монадрамы «Зорка» ў Латвіі. Спектакль «ФІРС. DOC» удастоены трэцяй прэміі Маскоўскага фестывалю аднаго акцёра. На фестывалі «XXVI Торуньскія сустрэчы тэатраў аднаго акцёра» ў Польшчы Алег Чэчанеў стаў лаўрэатам. І гэта далёка не ўсе сведчанні прызнання яго майстэрства.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Яндекс.Метрика