Ваш браузер устарел. Рекомендуем обновить его до последней версии.

 Навiны

Падпісацца на навіны.
Пакінце Ваш нумар телефона і вы будзеце дабаўлены да нашых навін у мэссенджэры - viber

Поля, помеченные символом *, обязательны для заполнения.

Мы в социальных сетях

 

«Скіньце маскі, панове!»

Опубликовано 12.03.2019

Маладзечна наведаў ізраільскі пісьменнік Лявон Агулянскі

 

Пісьменнік, драматург, а па першай прафесіі ўрач Лявон Агулянскі прыляцеў з Ізраіля ў Беларусь, каб сустрэцца з акцёрамі Мінскага абласнога драматычнага тэатра ў Маладзечне і паглядзець «ужывую» спектакль «Каханне. Сабака@ Кропка. RU», які паставіў па яго п’есе заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Валерый Анісенка.

Пры гэтым сам аўтар падкрэсліў, што асабіста для яго няма малых або правінцыйных тэатраў, бо тое, што адбываецца на сцэне, а затым перацякае ў падсвядомасць гледача ў зале, невымяральнае і неабмежаванае ніякімі ўмоўнасцямі: ні геаграфічнымі, ні этнічнымі, ні ўзроставымі.

«Лявон Агулянскі лічыць сябе піцерцам у чацвёртым пакаленні, – расказвае кіраўнік літаратурна-драматычнай часткі тэатра Ала Клемянок. – У 1982 годзе закончыў на выдатна Першы Ленінградскі медыцынскі інстытут. Палічыў, што ўрач – адна з нямногіх прафесій, дзе можна прыносіць рэальную карысць людзям, не здраджваючы сваім перакананням. Чаго не скажаш пра пісьменніцкае рамяство, якім юнак таксама захапляўся, але не бачыў перспектыў для праўдзівага апісання рэчаіснасці».

І ўсё ж талент пісьменніка ўзяў верх над медыцынай. Праўда, ужо пасля эміграцыі ў Ізраіль, акурат у той час, калі паспяховы і досыць знакаміты ўрач Агулянскі ў чарговы раз сутыкнуўся з жыццёвай драмай пацыента, якому нельга было дапамагчы.

Сёння на рахунку аўтара два раманы, шмат аповесцей, драматычных твораў. Яго спектаклі ідуць у тэатрах Расіі, Ізраіля, ЗША, Германіі, Беларусі. Не стаў выключэннем і Мінскі абласны ў Маладзечне, на сцэне якога прайшлі адразу «Дырыжор», а пасля і «Каханне. Сабака@ Кропка. RU», пастаноўку якіх ажыццявіў даўні сябра Лявона – Валерый Анісенка.

Пісьменнік і драматург Лявон Агулянскі, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь рэжысёр Мінскага абласнога тэатра Валерый Анісенка і акцёр Сяргей Карзей

Лірычная камедыя аб тым, як віртуальнае каханне можа перарасці ў рэальнае, проста пакарыла гледача. «З яго пункту погляду мы зрабілі добрую рэч», – кажуць у тэатры. І ў той жа час прызнаюцца, што калектыву вельмі важна было пачуць думку драматурга, паколькі ён бачыў розныя варыянты прачытання свайго матэрыялу.

«Лявон Ільіч найперш выказаў словы падзякі і захаплення ўсім, хто ставіў яго п’есу і хто шчыра рэагаваў на дзею, седзячы ў глядзельнай зале, – расказвае Ала Клемянок. –  Гаворачы пра наш горад, які наведаў упершыню, госць прызнаўся, што бачыў яго раней у сне. І не проста як тыповы правінцыйны райцэнтр, а наадварот, населены пункт са сваім адметным тварам.

Адказваючы на пытанні гледачоў, драматург не раз звяртаўся да тэмы духоўнасці, прыярытэтаў маралі, умення ствараць жыццё, бо, на яго думку, калі мы самі не ператворым яго ў свята, то іншыя ператвораць яго ў пекла».

А яшчэ пісьменнік упэўнены, што большасць праблем у чалавечых стасунках узнікаюць таму, што людзі баяцца быць шчырымі, кожны іграе нейкую ролю, напяўшы чужую маску, павялічваючы гэтым колькасць хлусні ў свеце. Вось і ў герояў яго п’есы «Каханне. Сабака@ Кропка. RU» толькі тады нешта атрымалася, калі яны сталі сабой.

У галоўных ролях спектакля занятыя Сяргей Карзей і Людміла Рошчына. Яна – паспяховая бізнес-лэдзі чароўнай прыгажосці, якая займаецца нерухомасцю. Ён – заможны пластычны хірург, які эміграваў з Расіі ў Ізраіль бліжэй да мора і сонца. Але гэта легенда для выявы ў інтэрнэце, у жыцці ў іх усё інакш.

«Утрымаць увагу гледача на працягу двух актаў – задача няпростая, асабліва калі сцэнічныя дэкарацыі фактычна не мяняюцца, а ў глядзельнай зале прысутнічае яшчэ і сам аўтар, – кажа кіраўнік літаратурна-драматычнай часткі тэатра. – І тым не менш акцёры справіліся. Чарговы раз пераканаўшы, што не варта падстройвацца пад модныя павевы часу і іграць надуманыя ролі».

Дарэчы, менавіта пра гэта і большасць твораў, напісаных аўтарам.

Марына Сліж

Фота Віталя Крупянькова